ФІЗІЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,
раздзел фізіялогіі, які вывучае працэсы і асаблівасці іх рэгуляцыі ў час працоўнай дзейнасці чалавека. Як самаст. дысцыпліна склалася ў 2-й пал. 19 ст. (працы Г.Л.Ф.Гельмгольца, Э.Дзюбуа-Рэймона, І.М.Сечанава і інш.). Асн. задачы: вызначэнне аптымальных характарыстык, што спрыяюць захаванню працаздольнасці на высокім узроўні, і распрацоўка мерапрыемстваў па ахове здароўя, якія засцерагаюць чалавека ад уздзеяння неспрыяльных фактараў. Вывучаецца комплекс фізіял. працэсаў: дыханне, кровазварот, страваванне, функцыі вышэйшай нерв. дзейнасці, сенсорныя і рухальныя працэсы, а таксама актывацыйныя рэакцыі, што забяспечваюць рэалізацыю патэнцыяльных магчымасцей чалавека. На Беларусі праблемы Ф.п. даследуюцца ў Рэсп. навук.-практычным цэнтры гігіены.
т. 16, с. 380
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)